«Угода з д'яблам». Што пісалі пра паездку Пуціна ў Мінск беларускія, расійскія і ўкраінскія СМІ
20 снежня 2022 у 1671555000
«Зеркало»
Візіт Уладзіміра Пуціна ў Мінск 19 снежня быў даволі раптоўным, хоць асаблівай трывогі ў беларускіх экспертаў не вызываў. Па выніках перамоваў палітыкі вырашылі захаваць сумесныя вайсковыя вучэнні, узгаднілі ўсе асноўныя параметры ў энергетыцы, абмеркавалі будучы палёт у космас беларуса і не толькі. Паглядзелі, што пісалі пра гэтую сустрэчу беларускія, расійскія і ўкраінскія СМІ.
Беларускія дзяржСМІ: «Плячо надзейнага саюзніка і сябра неацэннае»
Візіт расійскага прэзідэнта ў Мінск дзяржаўныя беларускія СМІ адсочвалі вельмі актыўна. Не забыліся і прааналізаваць сустрэчу, ацаніўшы ўсе яе станоўчыя бакі.
Напрыклад, БЕЛТА расказваючы пра вынікі паездкі, пачынае з апісання «ўнікальнай атмасферы», у якой удалося «расчысціць дарогу на інтэграцыйным трэку на самым высокім узроўні». Не забылася выданне і на перадгісторыю - згадваліся санкцыі супраць Расіі і Беларусі праз вайну ва Украіне, якія толькі з'ядналі дзве дзяржавы, а яшчэ Французская рэвалюцыя, прынцыпы якой, на думку аўтара, свята шануюцца ў нашай краіне.
Расказваючы пра перамовы, дзяржагенства шмат увагі надае інтэграцыі нашай краіны з Расіяй. «Спрабуючы адцягнуць Беларусь і Расію адна ад адной, там толькі спрыялі збліжэнню дзвюх брацкіх краін, наблізіўшы яснае ўсведамленне факту, што грошы часам не галоўнае. Таму што плячо надзейнага саюзніка і сябра ў цяперашнім свеце само па сабе неацэннае. Не было б шчасця, ды няшчасце дапамагло. Так і тут Беларусі і Расіі фактычна звонку дапамаглі забыцца на ўсялякія газавыя, малочныя і іншыя войны, аб'яднаць намаганні дзеля агульнай мэты - выстаяць і забяспечыць дабрабыт народаў сваіх краін», - гаворыцца ў адным з матэрыялаў.
Частыя сустрэчы палітыкаў у 2022 годзе аўтары тлумачаць вялікай колькасцю вонкавых праблем, якія Беларусь і Расія вымушаныя вырашаць разам: «Каб не страціць сябе ў рэаліях цяперашняга свету, даводзіцца ўвесь час імправізаваць, адчуваць рытм адно аднаго, прыстасоўвацца да зменлівых умоваў. І ў гэтым можна правесці паралелі з аргентынскім танга, якое, у адрозненне ад стандартнага, ніколі не танчаць па шаблоне, але заўсёды з асаблівым стаўленнем і ўвагай да партнёра».
У такім самым ключы апісвае ўчорашнія перамовы і АНТ, не забываючыся на вобразныя выразы і дэталі. Уладзіміра Пуціна АНТ называе «калегам і сябрам» Аляксандра Лукашэнкі, з якім той нават «сядзеў плячом да пляча». А ўсё таму, што «так лепш бачныя агульныя задачы і агульны кірунак руху».
На сайце тэлеканала гаворыцца, што ключавым пытаннем сустрэчы стала эканоміка, а вось пра вайну ва Украіне не згадваецца. Затое АНТ падкрэслівае: «Беларусь - надзейны саюзнік. Пры гэтым, што датычыць эканомікі, у дзвюх краін вельмі шмат плюсаў: ад тавараабароту да, як чакаецца, 40 млрд па годзе, да сумесных праектаў, такіх як сумеснае ўзвядзенне атамнай станцыі ў Беларусі. А планы - аж да касмічнай галіны. Усе пытанні ў шырокім складзе абмяркоўвалі 2,5 гадзіны - тое, што патрабавала рашэнняў менавіта прэзідэнцкіх, пакінулі на сустрэчу лідараў тэт-а-тэт».
Выданне «СБ. Беларусь сегодня» таксама закранае эканамічны бок перамоваў. Публікуецца меркаванне палітолага Вадзіма Баравіка, які ўпэўнены: Беларусь і Расія не канкуруюць адна з адной, а ўзаемадапаўняюць, ствараюць сумесныя вытворчасці.
«На сённяшні дзень аб'ектыўна бачна, што эканомікі Беларусі і Расіі ўзаемадапаўняльныя. Беларусь можа вырабіць тую прадукцыю высокай якасці, якая задаволіць расійскі бок. <…> Пры гэтым трэба разумець, што і Беларусь, і РФ знаходзяцца пад беспрэцэдэнтным санкцыйным ціскам, супраць нашых дзяржаваў вядзецца проксі-вайна», - упэўнены ён.
Баравік таксама адзначыў, што ўлады Беларусі і Расіі «яшчэ больш з'ядналіся на фоне падзей, якія адбываюцца»: «Ёсць такая фраза "стаяць спіна да спіны" - усё гэта ўвасобілася ў рэальным жыцці. Кіраўнікі Беларусі і Расіі разам адстойваюць інтарэсы нашых дзяржаваў».
Украінскія СМІ: «Пуцін патрабуе ўключэння Беларусі ў вайну з Украінай»
Некаторыя буйныя ўкраінскія выданні накшталт «Укрінфарма» або «Украінскай праўды» амаль цалкам праігнаравалі перамовы ў Мінску, абмежаваўшыся толькі некалькімі невялікімі нататкамі. Але для многіх візіт Пуціна ў Мінск стаў важнай тэмай: іншыя выданні падрабязна разбіралі, як усё гэта можа адбіцца на іх краіне.
Аналізуючы сустрэчу Пуціна і Лукашэнкі, украінскія СМІ асноўнай тэмай перамоваў бачаць жаданне Пуціна прымусіць Беларусь далучыцца да баявых дзеянняў.
«Каб узмацніць свае ўдары па тэрыторыі Украіны, [Пуцін] асабіста паехаў у Лукашэнкі па "дазвол" наносіць ўдары ракетамі і дронамі па Украіне з тэрыторыі Беларусі, а можа быць, нават на другі паход на Кіеў і (або) Валынь», - піша ў сваёй калонцы журналістка ТСН Крысціна Зелянюк. Яна не выключае, што такі візіт упершыню за тры гады - метад псіхалагічнага ўздзеяння на Лукашэнку.
Зрэшты, выданне падкрэслівае, што колькі б Пуцін ні лётаў у Беларусь, матывацыя беларусаў удзельнічаць у вайне ва Украіне на ягоным баку ўсё яшчэ нізкая. «Нягледзячы на расійскую прапаганду ў Беларусі, якая з раніцы да ночы "скормлівае" беларусам, што ўкраінцы дрэнныя, агулам грамадства Беларусі, асабліва войска, супраць прамога ўступлення ў вайну супраць Украіны на баку Расіі. (…) Нягледзячы на рэгулярныя сумесныя вайсковыя вучэнні, Беларусь працягвае аддаваць сваю зброю і тэхніку са складоў Расіі. Дык з чым беларускай арміі ісці ваяваць? Ды і без панавання ў паветры правядзенне наземнай аперацыі - гэта самагубства», - гаворыцца ў тэксце.
Такога ж меркавання прытрымліваецца былы амбасадар Украіны ў Беларусі, дыпламат Раман Бяссмертны, піша ТСН. Адносіны Пуціна і Лукашэнкі ён параўноўвае з адносінамі Гітлера і Мусаліні, а візіт расійскага прэзідэнта ў Мінск называе тактычным ходам, важным для паразы Пуціна.
«Відавочна, што на фоне фіяска на ўкраінскім фронце для Пуціна адмененая гадавая прэс-канферэнцыя, цэлы шэраг публічных рэчаў, таму яму трэба гэта чымсьці кампенсаваць. Насамрэч канец года і вясна ў адносінах Мінск-Масква даўно вядомая па парадку дня: тарыфы на газ, нафту, вугаль, мінеральныя ўгнаенні. Гэта звычайны набор. Відавочна, што па графіку мусіў быць візіт Лукашэнкі ў Маскву. Таму што не Пуцін просіць. А чаму цяпер усё так вярнулася? Таму што паразы на фронце, адмененая прэс-канферэнцыя, цэлы шэраг правалаў у замежнай палітыцы Расіі мусяць кампенсавацца для ўласнага спажыўца якім-небудзь наратывам. І звярніце ўвагу, у Крамлі ўжо прыйшлі да таго, што апублікуюць адказ прэзідэнта Аргентыны на віншаванне Пуціна з перамогай зборнай. Так Крэмль у стаўленні да "фюрэра" яшчэ ніколі нізка не падаў», - сказаў дыпламат.
Бяссмертны ўпэўнены, што практычнай карысці ад учорашняга візіту няшмат: «На такіх сустрэчах ніколі нічога не вырашаецца».
Аналізуючы сітуацыю ўнутры нашай краіны, дыпламат заяўляе: «У цяперашніх умовах у найбліжэйшыя месяцы ўдару адтуль не будзе. Але калі гэта адбудзецца, гэта адкрые дарогу да адсоўвання рэжыму Лукашэнкі ад улады, і гэта ўжо канец [Пуціну]. Таму што далей пойдзе ланцуговая рэакцыя, гэта паскорыць катастрофу».
А вось дырэктар Інстытута сусветнай палітыкі Яўген Магда ў размове з ТСН заявіў, што мэта візіту Пуціна ў Беларусь значна шырэйшая, чым проста абмеркаванне непасрэднага ўдзелу беларускіх войскаў ва ўварванні ва Украіну.
«З той простай прычыны, што колькасць беларускай арміі і колькасць ахвочых ваяваць унутры беларускай арміі на сённяшні дзень нічога ў гэтым пытанні не вырашае. І, адпаведна, Пуціну важна прасоўваць тэмы, звязаныя з саюзнай дзяржавай. Не забывайце, што Пуцін лічыць распад СССР найвялікшай геапалітычнай катастрофай ХХ стагоддзя. І, адпаведна, ён, я думаю, гуляе ў гэтым фармаце», - заявіў ён.
На думку Магды, Пуцін мяркуе, што Лукашэнка сёння не зможа доўга супраціўляцца і будзе ісці на саступкі. Але эксперт упэўнены: сустрэча ў Мінску прайшла менавіта з ініцыятывы беларускага палітыка.
«Тут, як у футболе, ёсць фактар свайго поля. Калі Лукашэнка нават слабейшы гулец, але на сваёй тэрыторыі, ён разумее, што магчымасці Пуціна ўплываць на яго ўсё ж аб'ектыўна абмежаваныя. І таму я думаю, што ён настойваў на тым, каб прыляцеў Пуцін. Гэта адбылося ўпершыню пасля падзей 2020 года, якія ў асобных пытаннях былі інспіраваныя і Расіяй. Пуцін проста паглядзеў на Лукашэнку, і, хутчэй за ўсё, рашэнне, якое ён прыняў, існуе, проста не факт, што яно будзе ўвасобленае ў жыццё сёння-заўтра. То-бок гэта гульня дастаткова ў доўгую», - кажа ён.
Яўген Магда таксама згадвае вучэнні расійскіх мабілізаваных, якія праходзяць на тэрыторыі Беларусі і якія застаюцца фактарам ціску на Украіну. Але прыкмет паўнавартаснага ўступлення нашай краіны ў вайну ён не бачыць.
«Я не бачу такой канцэнтрацыі расійскіх войскаў, якія могуць увайсці на тэрыторыю Украіны так, як гэта было 24 лютага. Нягледзячы на размовы пра стварэнне саюзнай групоўкі, я не веру ў сітуацыю, пры якой беларускія афіцэры будуць камандаваць расійскімі вайскоўцамі. Гэта, па-мойму, проста немагчыма. Не кажучы ўжо пра тое, каб беларускія генералы камандавалі расійскімі афіцэрамі», - растлумачыў ён.
А вось выданне «Апостроф» прытрымліваецца думкі, што Лукашэнка ўсімі сіламі спрабуе адмаўляцца ад нявыгаднага яму ўдзелу ў вайне ва Украіне. У размове з выданнем экс-разведчык і былы супрацоўнік КДБ СССР Сяргей Жырынаў заяўляў, што Лукашэнка па-сапраўднаму не з'яўляецца саюзнікам Пуціна, ён «хітры дырэктар калгаса, які 20 гадоў "разводзіць" Расію і прэзідэнта РФ».
«Пуцін хоча ўцягнуць яго ў адкрытую вайну, каб беларусы таксама ваявалі з Украінай. Толькі дзеля гэтага ён едзе ў Мінск, але Лукашэнка будзе выкручвацца да апошняга, разумеючы, што не варта выдаваць беларусам зброю», - каментаваў ён перад перамовамі.
Расійскія СМІ: «Лукашэнка - складаны, але па сутнасці адзіны саюзнік»
У расійскіх СМІ аналізу ўчорашніх перамоваў надалі не вельмі шмат увагі, большая частка публікацый на гэтую тэму - навіны і вынікі перамоваў. А вось той факт, што Пуцін прыляцеў у Беларусь упершыню з 2019 года, падавалі як жаданне наўпрост вырашыць пытанні дзвюх дзяржаваў. Расказваючы пра сустрэчу, гаварылі не толькі пра вайну ці эканоміку - згадвалі інтэграцыю і нават Новы год.
Яшчэ перад сустрэчай палітыкаў 19 снежня выданне «Коммерсантъ» апублікавала меркаванне свайго палітычнага аглядальніка Дзмітрыя Дрызэ, які лічыць, што адна з асноўных тэмаў візіту - поспехі ў саюзным будаўніцтве.
«Здаецца, што двухбаковы саміт - мерапрыемства больш іміджавае і ставіць сваёй асноўнай задачай паказаць свету непарушнае сяброўства і партнёрства паміж саюзнікамі, якія гатовыя агульнымі намаганнямі супрацьстаяць недружалюбнаму і агрэсіўнаму Захаду. У гэтай частцы таксама ёсць невялікая падстава для пляткарства: злыя языкі перыядычна сцвярджалі, што, маўляў, спадар Лукашэнка спрабуе наладзіць пэўныя кантакты з былымі партнёрамі. Візіт Уладзіміра Пуціна ёсць наглядным пацверджаннем таго, што ўсе гэтыя размовы не маюць пад сабой ніякай рэальнай глебы», - заяўляе ён.
Ужо пасля сустрэчы «Коммерсантъ» апублікаваў падрабязны рэпартаж з перамоваў. Журналіст Андрэй Калеснікаў пачынае расказваць пра сустрэчу з моманту прызямлення Пуціна ў аэрапорце Мінска. Удакладняе, што расійскага прэзідэнта сустракалі «беларускімі кветкамі (нязвыкла), хлебам-соллю і дзяўчатамі (больш звыкла)». Многае ў перамовах «Коммерсантъ» называе штучным, успамінаючы такую ж штучную ёлку ў мінскім Палацы незалежнасці.
Калеснікаў звяртае ўвагу на дэталі: вось Лукашэнка штурхае ў бок Пуціна, які збіраецца сесці ў машыну на месца беларускага палітыка. А вось Лукашэнка віншуе ўсіх з Новым годам (як адзначае «Коммерсантъ», «прыступіў да любімага занятку, то-бок выступаў не па справе, а, здавалася б, проста так»).
Апісанне перамоваў выданне перадае цытатамі, каментароў аўтара няшмат. У канцы рэпартажа журналіст задаецца пытаннем цаны на газ, пра якую дамовіліся бакі. Ад міністра энергетыкі Расіі гучыць абстрактны адказ: «Яна справядлівая».
Аналітыку з нагоды перамоваў Пуціна і Лукашэнкі публікуе радыё Sputnik. У аўтарскай праграме «ИЗОЛЕНТА live» запрошаныя спікеры разам з вядоўцамі абмеркавалі перамовы палітыкаў 19 снежня. Так, Андрэй Качура, кіраўнік «Sputnik Беларусь», адзначыў, што «візіт у Беларусь не быў шараговым».
«Апошні раз Уладзімір Пуцін прылятаў у Мінск тры з паловай гады таму, таму асаблівая ўвага гэтаму візіту надавалася з боку афіцыйных уладаў. Шэраг пытанняў, якія былі вынесеныя на абмеркаванне прэзідэнтам, былі на слыху апошнія паўгода, таму што яны ўперліся ўжо ў той узровень, дзе ўрады не маглі іх самастойна вырашыць», - лічыць ён.
У якасці эксперта ў выдання выступіў кінарэжысёр, сцэнарыст і прадзюсар Тыгран Кеасаян. Сустрэчу палітыкаў ён пракаментаваў у сваім шоу.
«Былі перамовы і сумесная прэс-канферэнцыя, на якой было расказана мала і шмат адначасова. Зразумела, што інтэграцыйныя працэсы цяпер узмацніліся, і, нягледзячы на ваенныя дзеянні ва Украіне, мы ўсё роўна чакаем фармальнага абазначэння нашага адзінства. Было сказана тое, што ўплывае і на ход ваенных дзеянняў, і наогул на геапалітыку ў свеце: пра тое, што разгорнутыя "Іскандэры", разгорнутыя С-400 на тэрыторыі Беларусі, што ідзе зладжванне і навучанне лётных экіпажаў, якія будуць несці спецыяльнае ўзбраенне, чытай: ядзернае ўзбраенне.
І ўсё стала нашмат бліжэйшым. Гэта здаецца, што не моцна наблізіліся. Не, моцна наблізіліся. Яшчэ раз пацвердзілі пра сумесныя вучэнні, пра сумесную групоўку войскаў. Усё гэта працуе на тое, што ук*****ы абавязаныя цяпер трымаць вялікую групоўку там, на поўначы, ля мяжы Беларусі <…>. Напэўна, гэта знак Амерыцы, Еўропе - гэты візіт, гэтая размова», - сказаў Тыгран Кеасаян у эфіры сваёй аўтарскай праграмы.