Расія абвінаваціла NATO ў размяшчэнні сваёй ядзернай зброі ў Беларусі
1 лютага 2024 у 1706795400
«Зеркало»
Расія размясціла тактычную ядзерную зброю на тэрыторыі Беларусі, каб процідзейнічаць «агрэсіўнай дзейнасці NATO». Пра гэта заявіў намеснік міністра замежных справаў РФ Сяргей Рабкоў. Ён дадаў, што гэтае рашэнне Расія і Беларусь прымалі сумесна.
«Размяшчэнне тактычнай ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі ажыццёўленае ў рамках процідзеяння ўсё больш агрэсіўнай і ўсё больш пагрозлівай дзейнасці Паўночнаатлантычнага альянсу на чале з ЗША, правядзенню гэтым альянсам лініі на нанясенне Расіі стратэгічнай паразы, пашырэнню практыцы сумесных ядзерных місій NATO і шмат чаму іншаму. Нашае сумеснае з Мінскам рашэнне размясціць тактычную ядзерную зброю ў Беларусі абавязанае лініі калектыўнага Захаду. Розніца паміж намі і NATO велізарная, мы праяўляем максімальную адказнасць», - лічыць Рабкоў.
Прадстаўнік расійскага МЗС таксама заявіў, што Расія не плануе размяшчаць сваю ядзерную зброю ў іншых краінах, акрамя Беларусі.
Нагадаем, пра намер размясціць расійскую тактычную ядзерную зброю ў Беларусі прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін абвясціў у сакавіку 2023 года. Пуцін патлумачыў гэта просьбамі Лукашэнкі, а таксама звяртаў увагу на тое, што ЗША размяшчаюць ядзерную зброю на тэрыторыі краін-саюзнікаў у Еўропе. Тады ж ён сказаў, што сваімі дзеяннямі Расія не парушыць дамовы пра нераспаўсюд ядзернай зброі, бо не перадае гэтую зброю Беларусі, а ўсяго толькі размесціць яе пад сваім кантролем на беларускай тэрыторыі.
У канцы траўня міністры абароны дзвюх краін Сяргей Шайгу і Віктар Хрэнін падпісалі неабходныя для гэтага дакументы. Крыху пазней Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ядзерныя боепрыпасы ўжо пачалі ўвозіць у Беларусь.
У чэрвені 2023 года прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін заявіў, што ў Беларусь для размяшчэння на яе тэрыторыі дастаўленая першая партыя ядзерных зарадаў. У кастрычніку таго ж года ў МЗС РФ заявілі, што расійская ядзерная зброя застанецца ў Беларусі, пакуль у Еўропе застаецца ядзерная зброя ЗША.