Яшчэ адна краіна ЕС услед за Польшчай далучылася да транспартных разборак з Мінскам і ўвяла абмежаванні на ўвоз аўто ў нашую краіну
27 сакавiка 2024 у 1711530000
«Зеркало»
Латвія перастала пускаць у Беларусь аўто на транзітах з аб'ёмам рухавіка ад 1,9 літра і больш, а таксама даражэйшыя за 50 тысяч еўра. Пра гэта пішуць у профільных тэлеграм-каналах пра перасячэнне мяжы з гэтай краінай, а таксама пацвярджаюць удзельнікі аўтарынка. Раней такое ж рашэнне прыняла Польшча.
Як толькі на польскай мяжы пачалі разварочваць аўто на транзітных нумарах з рухавіком ад 1,9 літра і даражэйшыя за 50 тысяч еўра, перагоншчыкі машын паехалі на пункты пропуску ў Літву і Латвію. Аднак на латвійскай мяжы іх таксама перасталі прапускаць, паведамілі ўвечары 26 сакавіка ў тэлеграм-канале «Грыгароўшчына - Патэрніекі». Некаторыя іншыя ўдзельнікі канала пацвердзілі гэтую інфармацыю. «Патэлефанавалі ў "Патэрніекі", сказалі, што ў іх указанне ніякія транзіты вышэй за 1,9 літра не пускаць», - напісаў адзін з удзельнікаў канала. Яшчэ адзін карыстальнік паведаміў, што ўжо сутыкнуўся з тым, што аўто «развярнулі» і не далі праехаць у Беларусь.
27 сакавіка інфармацыю пра сітуацыю на латвійска-беларускай мяжы пацвердзілі на старонцы «Большой Автоблог» у Instagram.
«Сітуацыя з вывазам машын аб'ёмам больш за 1,9 л такая: усе паехалі на Латвію, з учарашняга вечара і Латвія перастала прапускаць аўтамабілі аб'ёмам 1,9+ л.
Такім чынам: усё аб'ёмам больш за 1,9 літра завезці ў РБ з Еўропы праблематычна. Амаль немагчыма», - паведаміў блогер.
Паводле яго звестак, цяпер сотні перагоншчыкаў курсуюць уздоўж мяжы, спрабуючы знайсці выйсце з сітуацыі, але яго пакуль няма. CMR (міжнародная аўтамабільная накладная) на Казахстан і іншыя прыёмы не працуюць, адзначае блогер.
Нагадаем, Польшча з 23 сакавіка забараніла вывозіць у Беларусь аўтамабілі з аб'ёмам рухавіка ад 1,9 літра і больш, а таксама даражэйшыя за 50 тысяч еўра. Пры гэтым польскія ведамствы не паведамляюць, з чым звязаная гэтая забарона, вядома, што ў санкцыйны спіс аўтамабілі не ўключаныя.
На польскай мяжы кіроўцам паведамляюць, што для таго, каб мець магчымасць пераганяць аўто ў Беларусь, патрэбны новы камплект дакументаў, сярод якіх - заявы ад экспарцёра і вытворцы аўто.
Беларуская мытня 25 сакавіка заявіла, што чула пра новаўвядзенне з боку Польшчы, але афіцыйных паведамленняў у ведамстве не атрымлівалі.
Паводле звестак расследавальнікаў праекта «Бюро», Польшча ўваходзіць у топ-3 краін ЕС, з якіх у нашую краіну трапляе больш за ўсё аўто. Так, на фоне вайны пастаўкі машын з ЕС у Беларусь падскочылі ў чатыры разы - амаль да 1,5 млрд еўра, а летась перавысілі 1,7 млрд еўра, адзначаюць расследавальнікі са спасылкай на звесткі Еўрастата. Больш за ўсё аўтамабіляў у нашую краіну прадаюць Германія, Літва і Польшча. Толькі за дзевяць месяцаў мінулага года з трох краін у Беларусь вывезлі амаль 60 тысяч машын. На фоне вайны Беларусь стала перавалачнай базай для паставак люксавых аўтамабіляў на дзясяткі мільёнаў даляраў у Расію, нягледзячы на байкот і санкцыі, перакананыя расследавальнікі.
Чытайце таксама